«З чаго пачалося?» Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

0

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

«Сланечнік», «Лавелас-бульбоўнік», «Каляды», «Будзе добра» і, вядома, «Хата бацькоў» — цэлы тузін гарачых хітоў ад «Драздоў» заваяваў сэрцы тысяч і тысяч беларусаў. Аб’яднаныя ў адзіны вялікі беларускамоўны праект (трэба заўважыць, з’ява нязвыклая для сучаснай айчыннай эстрады!), яны вядуць да думак не толькі пра несумненную любоў музыкаў да роднага слова і таленавітае адчуванне запыту публікі, а і пра пераемнасць творчых традыцый — згадаем хаця б шэдэўральныя эксперыменты Уладзіміра Мулявіна і легендарных «Песняроў» з паэтычнай спадчынай.

З восені «Дразды» ў няспынным канцэртным туры па краіне, які мае шанцы не завяршыцца ніколі — сакавік і красавік ужо распісаны ў гастрольным графіку. Штодзень канцэрт, а то і два. Мы ў рэдакцыі нават крыху здзівіліся, што Віталь Карпанаў — саліст, аўтар слоў і музыкі большасці песень гурта, увогуле самы галоўны чалавек у «Драздах» — здолеў выкраіць час і завітаў у «Беларускую думку».

«Моцнай упэўненасці, што нас усюды чакаюць, не было»

— Памятаецца, адзін наш вядомы выканаўца некалі марыў скарыць «Мінск-Арэну», а «Дразды», відаць па ўсім, узяліся за райцэнтры, аграгарадкі і вёскі нашай Беларусі?

— Чаму б і не? (Смяецца.) Спытаеце, з чаго пачалося? Напісалася песня «Хата бацькоў», у 2021-м яна загучала. І, ведаеце, праз яе мы адчулі такую любоў да беларускай песні на роднай мове — цяжка перадаць словамі свае эмоцыі. З «Хатай бацькоў» паехалі на Дзень беларускага пісьменства ў Капыль. Пазней нам патэлефанавалі са студыі Андрэя Малахава і запрасілі паўдзельнічаць у перадачы. Але ў нас былі ўжо запланаваны канцэрты. Увогуле да СМІ ў мяне асаблівае стаўленне: пятнаццаць гадоў на тэлебачанні, хадзіў усюды, куды клікалі. І, шчыра скажу, крыху стаміўся ад гэтага, бо як ні стараўся, яно не давала таго, што патрабуе душа. Тэлебачанне аднімала шмат часу і бракавала галоўнага, пра што марыў, — залы, непасрэднага кантакту з публікай. Ды і стаўленне ў грамадстве да тэлеэкранных «галоў» з забаўляльных перадач, ведаеце, такое паблажлівае, як мне падаецца.

І я спачатку катэгарычна адмовіўся ехаць, бо нецікава і зноў жа канцэрты. Але калі сказалі, што давай, хлапец, едзь ты з «Хатай бацькоў», я зразумеў галоўнае: на адным з вядучых расійскіх каналаў загучыць беларуская песня. Згадалася, што падобная гісторыя некалі здарылася з «Песнярамі». А тут «Дразды»…

«На тэлебачанні хадзіў усюды, куды клікалі. І, шчыра скажу, крыху стаміўся ад гэтага»

Рэзананс быў вялікі і ў Расіі, і ў нас. Прыйшло канчатковае ўсведамленне таго, што гэта якраз тая самая беларуская песня, якой не было доўгі час, пра якую я марыў дваццаць гадоў. Мы нешта стваралі, глядзелі то на адных, то на іншых, а найбольш на сусветны і расійскі шоу-бізнес. А гэта памылка наша. Трэба было глядзець пад ногі сабе, у душу сваю. І калі звярнуліся да саміх сябе, такіх, якія мы ёсць, — у нас атрымалася.

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

— І прыйшла ў галаву занакамерная думка адправіцца ў канцэртны тур па краіне, так?

— Насамрэч моцнай упэўненасці, што нас усюды чакаюць, не было. Першай ластаўкай-вястунняй, што «Дразды» могуць збіраць паўнюткія залы, стаў родны Івянец, дзе я рос, хадзіў у школу. Хаця пэўная перасцярога прысутнічала. Разважаў: людзі ж думаюць як? Маўляў, гэта ж Карпанаў, хлапец наш, ведаем бацькоў, чаго мы на яго пойдзем… Загадчык Дома культуры патэлефанаваў сам і сказаў: «Давай паспрабуем». Калі за два дні прадалі ўсе білеты, я зразумеў: штосьці адбываецца. Потым у Валожыне наступным днём аншлаг таксама — па трыццаць рублёў зрабілі квіткі і яны разышліся. Менавіта з малой радзімы пачалося штосьці неверагоднае!

Гэты наш тур адметны чым? Яшчэ гадоў пяць-шэсць бацька недзе дамаўляўся, я сам званіў усюды: «Гэта «Дразды», хочам у вас папрацаваць». У адказ: «Якія дразды?! У мяне тут філармонія, грошай няма…». Выслухаць такое для артыста — гэта боль. А тут у інтэрнэце пасыпаліся запрашэнні: чакаем у Іванаве, прыязджайце да нас, Слонім у нецярпенні і ўсё такое. Я кажу: раз у вас ёсць пажаданні, ідзіце ў свой Дом культуры да загадчыка, хай з намі звязваюцца. І гэткім чынам закруцілі такое неверагоднае кола! Сабралі нават лядовую арэну, хай сабе і з Пружан пачалі (смяецца). Ужо і ў Івацэвічах захацелі, у іх такі ж самы Лядовы палац. Я з гэтай нагоды нават прымаўку прыдумаў: без натугі і прымусаў — «Дразды» для беларусаў. Пачалі мы з аграгарадкоў і вёсак, а цяпер хто паклікаў, туды і паехалі. Сёння можам у Ельску іграць, а назаўтра — у Брэсцкай вобласці.

«Да вас ніколі не было і, упэўнены, пасля вас не будзе тут аншлагу»

— Ваша мабільнасць сапраўды ўражвае, трэба прызнаць.

— У тыя ж Клімавічы сама меней чатыры гадзіны дабіраліся. Ну, а як? Людзі ж прыйдуць, чакаюць. Ды вы бачылі б саміх кіраўнікоў устаноў культуры, якія нас запрашаюць. Вось у Слоніме ігралі — зала на 550 месцаў. Дырэктар Дома культуры кажа: «Да вас ніколі не было і, упэўнены, пасля вас не будзе тут аншлагу». У Баранавічах знакавы для нас канцэрт адбыўся. 23 лютага 2021 года ігралі тут па звыклай на той час схеме «давайце мы паспрабуем — ну, давайце». Прыйшлі 64 чалавекі на канцэрт, давялося бясплатна раздаваць квіткі, каб толькі зала не пуставала. А цяпер за два дні прадалі дзве «залы» па 750 чалавек — два канцэрты ў адзін дзень. І для «Драздоў» гэта ўжо не навіна. У Астраўцы два канцэрты, у Чысці, невялікім аграгарадку на Міншчыне, у Дзяржынску, у Стоўбцах ажно тры, але, праўда, не ў адзін дзень. І ў абласных цэнтрах будзем іграць таксама.

— Гэта фенаменальна, іначай не скажаш!

— І так штодня — канцэрты, канцэрты… Я адчуваю вялікую зацікаўленасць людзей да нашай творчасці. Загадчыкі дамоў культуры на вёсцы, асабліва невялікіх, дзе працуюць усяго, можа, два чалавекі, наўпрост кажуць, што яны нават не марылі пра гэта. Бяруць білеты і старыя, і малыя. Пытаюцца: «Можаце прыехаць, у нас 150 месцаў?» І мы едзем, таму што гэта не дзеля заробку, а для людзей. Я ведаю іх жыццё, іх нялёгкую працу. А тут да іх прыязджае нейкі хлапец, як часам яны самі кажуць, з тэлебачання і, гледзячы у вочы, з імі размаўляе, спявае. Я добра памятаю, калі ў дзяцінстве да нас прыязджалі артысты з раёна. Мне здавалася тады: адбываецца нейкі цуд — вось гэты момант судакранання з душою. Ён заварожвае, прыцягвае, хвалюе.

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

«Можна сказаць, перабраўшыся ў горад, згубіў сябе»

Вось што яшчэ цікава. Чым больш мы ездзім па краіне, тым лепей, выразна і яскрава акрэсліваецца наша мэта: што мы робім і дзеля чаго. Ясная справа, музыканцкая праца мае на ўвазе нейкі заробак, так павінна быць. Гэта адно. Іншая справа, што хлопец я з вёскі і бязмежна адданы ёй. І мне заўсёды балела, як лёгка і бяздумна мы адракаемся ад яе, ад нашых каранёў, ад усяго таго, чым ганарыцца трэба, а не саромецца. Як я заўсёды кажу на канцэртах, ад’язджаючы з вёскі на вучобу ці на працу, ужо «возле магазина на остановке начинаем разговаривать…». А што ў горадзе? Раствараемся, губляем сябе, становімся як усе. Горад з’ядае нас, нівеліруе.

«Саромеўся, як усе вяскоўцы, што распазнаюць ува мне «калхозніка»

У мяне таксама такое было. Можна сказаць, перабраўшыся ў горад, згубіў сябе. Саромеўся, як усе вяскоўцы, што распазнаюць ува мне «калхозніка», гэтыя «г» і «ч», а замест слова «коўдра» казаў «колдра», хаця і слова такога няма (усміхаецца). Перажываў, што не магу добра размаўляць на рускай мове. Да матулі неяк прыехаў, навіны ўключыў — а я не адзін такі (смяецца). І адпусціў гэту сітуацыю. Расказваю сваю гісторыю на канцэрце і людзі смяюцца. Бо галоўнае, не адкуль ты і як размаўляеш, а каб ты чалавек быў харошы.

Дык і нясі ты сваё — тую ж гаворку бацькоў, яна цікавая, у розных кутках Беларусі па-свойму адметная. А мы чамусьці саромеемся, што з вёскі, што ў нас ёсць мова і мы можам на ёй размаўляць, што мы аўтэнтычныя ці, іншым словам, сапраўдныя.

— Але, глядзіце, Віталь, з горада таксама цяпер у вёску едуць — у аграсядзібы тыя ж, набываюць хаты пад лецішча ці на сталае жыхарства. Можа, шукаюць тое, што згубілі некалі?

— Пытанне гэта неадназначнае. Камусьці вясковай цішыні і чыстага паветра дастаткова, і людзі больш ні пра што не задумваюцца. Адно дакладна ведаю: апошнія гады, як ніколі, у грамадстве з’явілася вялікая зацікаўленасць да беларускага, да свайго. Разважаючы пра гэту з’яву, вось да якой высновы прыходжу. Свет неспакойны, яго хістае туды-сюды з усіх бакоў. І чалавек, прынамсі, беларус, не ведае, за што ўхапіцца. Не разумее, дзе стаць, на што абаперціся, куды яго штурхаюць — тут адно, там другое. А пачаць трэба са звычайнага, звыклага — дзедаўскага, бацькоўскага, з хаты роднай, з малой радзімы. Стань роўна — і цябе ніхто не пахісне, не ўпіхнуць табе ў рукі вілы ці што яшчэ, галаву не задураць.

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

«А «Хата бацькоў» ужо як гімн»

Мы шмат гадоў шукаем нацыянальную ідэю, і яна ўсё неяк не вымалёўваецца. А, магчыма, яна якраз заключаецца ў гэтай нашай адданасці ўласным караням, роднай гісторыі!? Трэба трымацца свайго.

Вось што хочам данесці да людзей Беларусі, дзе б яны ні жылі.

«Ой-ёй-ёй… Такога ніколі не было»

— Шуму даюць там? («Дайце шуму!» — фірмовы заклік Карпанава да гледачоў на канцэртах. — Аўт.)

— Ой-ёй-ёй… Такога ніколі не было. Людзі ўстаюць, танцуюць, на месцы не сядзяць. Мы і самі актыўна рухаемся, публіка заводзіцца. А «Хата бацькоў» ужо як гімн. Зала ўся ўзнімаецца ў фінале канцэрта, спявае разам з намі, слова ў слова. Гэта вельмі кранальна!

— Назіраю за вашым турам. Заўважыў, што, апроч нейкіх канцэртных момантаў, вас вельмі цікавіць мясцовае жыццё, самі людзі таго ці іншага мястэчка. Якія ўражанні склаліся?

— Насамрэч цікава і нават стала ў пэўным сэнсе адкрыццём для мяне, чалавека, які шмат працаваў на тэлебачанні ў такіх, скажам так, экспедыцыйных перадачах і шмат павандраваў па Беларусі, тое, што далёка-далёка ад Мінска жыццё цікавае і сучаснае, усё тут неяк па-чалавечы ўладкавана.

Дзесьці ў Магілёўскай вобласці, на самай мяжы, у вёсцы і лазня, і сушы-бар — усё як след. А дамы культуры, у якіх мы спяваем? Дзіву часам даешся іх дагледжанасці, тэхнічнаму ўзроўню — і гэта, заўважце, у звычайных аграгарадках і райцэнтрах. Для нас, музыкаў, адно задавальненне там іграць.

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

«Яна, мова, ляжала ў мяне недзе там на палічках»

— Музыказнаўцам, відаць, яшчэ давядзецца паразважаць над фенаменальным узлётам «Драздоў», але, на мой погляд, ён непарыўна звязаны з тым, што вы пачалі не эпізадычна, а грунтоўна і стала спяваць на беларускай мове — пра ўсё тое, што вельмі блізка кожнаму чалавеку.

— Мала хто з нашых артыстаў робіць значныя праекты на роднай мове. Песеньку адну яшчэ туды-сюды — і ўсё. Ёсць вялікая рызыка, што яе проста не заўважаць. Вялікі праект дае надзею, што хай не ўсё, дык нешта западзе ў душу гледача, спадабаецца. І такім чынам паступова ты прабіраешся да яго (усміхаецца). У нас ужо 12 беларускамоўных кампазіцый, і працэс не спыняецца.

А родную мову я ўвабраў з дзяцінства дзякуючы найперш свайму класнаму кіраўніку, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Бярнардаўне Рослік. Яна, мова, ляжала ў мяне недзе там на палічках (усміхаецца). Пачаў размаўляць з людзьмі на канцэртах па-беларуску — цяжка, складана спачатку, але слова за словам мова неяк усплывае. І становіцца цікава, гэта яшчэ больш натхняе. Чаму? Бо людзі, выходзячы з залы, кажуць: «Хочацца размаўляць на беларускай мове». Значыць, мы, артысты, вядзём асветніцкую працу таксама.

«Пачаў размаўляць з людзьмі на канцэртах па-беларуску — цяжка, складана спачатку, але слова за словам мова неяк усплывае»

У нас дзве дзяржаўныя мовы, а карыстаемся мы збольшага адной. Добра гэта ці дрэнна — на гэты конт можна доўга разважаць, але ж, пагадзіцеся: калі ў цябе нечага ў два разы больш, то ты і багацейшы ўдвая. На жаль, нават у некаторых знакавых беларускіх артыстаў няма ніводнай песні на роднай мове. Што тут скажаш — для мяне гэта дзіўна.

— У адной са сваіх хітовых кампазіцый вы літаральна заклікаеце размаўляць на беларускай мове. Як мяркуеце, пачуюць «Драздоў»?

— Справа такая: калі не верыць, нічога не атрымаецца. Гэта як вы ў мяне спыталі б, ці верыў, што стану артыстам. Без веры любая справа дарэмная. Калі ж мы робім нешта, значыць верым. І запаліўшы іскрынку жадання сказаць нешта па-беларуску хоць у аднаго чалавека, выпадае, што недарэмна пражылі дзень.

Неяк так сталася, што родную мову, наш агульны скарб, які нельга падзяліць ці прысабечыць, нахабна паспрабавалі адхапіць, прыватызаваць людзі з зусім нядобрымі намерамі. І ўжо недзе загаворыш на беларускай мове, на цябе могуць паглядзець коса, засумнявацца у тваёй грамадзянскай пазіцыі. Пра гэта, дарэчы, Прэзідэнт гаварыў, выказваючы перасцярогу, каб разам з бруднай вадой не выплюхнулі дзіця, маючы на ўвазе нашу родную мову.

"З чаго пачалося?" Віталь Карпанаў пра вялікі тур па Беларусі і попыт на беларускую мову

Што можна зрабіць? Па-першае, публічныя людзі павінны паказаць прыклад, адгукнуцца на пасыл кіраўніка дзяржавы. Хапае ў нас дзеячаў культуры і спорту, дэпутатаў. Хай гавораць, як умеюць. Урэшце многія з іх з вёскі, а мова — такая гнуткая субстанцыя, што вельмі хутка ўспомніцца, калі закладзена, як кажуць, з малаком маці. Згадайце купалаўскі ці коласаўскі радок, прымаўку беларускую дарэчы ўстаўце ў размову — ужо добра. На тэлебачанні сёння шмат забаўляльных праграм, але яны цалкам адарваны ад жыцця. Вельмі прыгожа, але гэта фон, які не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Хаця б адна беларуская песня прагучала ў гэтых модных антуражах!

Да чаго хілю? Самае лёгкае, што можна зрабіць, — паказаць уласным прыкладам стаўленне да нашай дзяржаўнай мовы. Не трэба яе аддаваць на водкуп абы-каму.

«На маю думку, родная мова — гэта тое, за што сёння кожны чалавек можа ўхапіцца»

— Пражыўшы Год гістарычнай памяці, мне здаецца, мы павінны гэта разумець…

— Так, натуральна. Увогуле філасофія жыцця такая: мы можам скардзіцца, што сёння цяжка, а, аказваецца, заўтра будзе горш, а найлепш мы жылі ўчора. На маю думку, родная мова — гэта тое, за што сёння кожны чалавек можа ўхапіцца. Яна ўлагодзіць непаразуменні і спрэчкі, «склеіць»-з’яднае нас, дасць дабрыню, якая цяпер у надзвычайным дэфіцыце.

— Нават сварыцца па-беларуску не так кры­ў­дна…

— Сапраўды. Няма жорсткіх, абразлівых слоў (усміхаецца).

— Чым будзе адметны для «Драздоў» Год міру і стварэння?

— Асноўнае, што нас чакае сёлета, фестываль «Вытокі». Яго трэці год праводзіць Нацыянальны алімпійскі камітэт, і ў трэці раз наш гурт запрасілі як хедлайнера. З радасцю назіраю, як расце і пашыраецца фестываль, што вяртае нас да каранёў, вучыць патрыятызму. Гэта сугучна нашаму творчаму настрою і чалавечым памкненням. Летась увогуле было штосьці неверагоднае — людзі з’язджаліся адусюль! У гэтым годзе, мяркую, ужо і мы падраслі, так што з нецярплівасцю чакаем фестывальныя дні.

Летам нашаму калектыву будзе 18 гадоў. Марым пра вялікі канцэрт у Палацы Рэспублікі — запланавалі на Дзень маці. Увогуле працы прадбачыцца шмат. Гэта добра. Няхай год для нас, як і для ўсіх землякоў, будзе стваральны, пад мірным небам.

— Дзякуй за цікавую, змястоўную размову!

| Гутарыў Ігар ГАНЧАРУК, часопіс «Беларуская думка», фота Паўла АРЛОЎСКАГА і з архіва БЕЛТА.

Чытайце таксама:

«Пакіньце жыццё мне!» Беларуска прыгожа прачытала верш класіка

Свой юбілей назваў «вясёлай рэпетыцыяй пахавання». Ведалі гэта пра Максіма Танка?

Дзве сотні рэцэптаў: як у розных канцах Беларусі гатуюць дранікі? Цікавыя варыянты

Источник: www.belta.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.